У Лондане прайшла канферэнцыя беларусазнаўства

Сёлета канферэнцыя беларусістаў у Лондане адбылася ў пяты раз. У Лондане завяршылася штогадовая канферэнцыя “Беларусазнаўства ў ХХІ стагоддзі”. Першы дзень у будынку Лонданскага ўніверсітэта, другі — у бібліятэцы імя Францішка Скарыны, паведамляе racyja. com. Канферэнцыя была падзеленая на блокі ў адпаведнасці з навуковымі дысцыплінамі, прычым другі дзень займала панэль “Літаратуразнаўства”, кажа беларусістка з Гішпаніі Анхела Эспіноса:– Я прэзентавала даклад на даволі новую тэму не толькі ў беларускай філалогіі, але і ў літаратуразнаўстве ў цэлым – гэта пісьменнікі і літаратары, якія абіраюць іншую мову. Канферэнцыя — унікальная для навукоўцаў з Захаду і Усходу, якія займаюцца Беларушчынай, магчымасць абмяняцца думкамі і ідэямі, лічыць літаратуразнаўца: – Літаратуразнаўчай секцыяй я вельмі задаволеная. Канферэнцыя на беларускую тэму ў Лондане на даволі добрым навуковым узроўні. Самыя жывыя дыскусіі адбываліся ў перапынках.