![]()
Памятную дошку ўсталявалі на доме №111 па вуліцы Максіма Горкага. Адначасова ўшанавалі і памяць былога гаспадара гэтага дома, героя Першай сусветнай вайны Вікенція Дразда. Ён узнагароджаны Георгіеўскімі крыжамі і калісьці нават ахоўваў стаўку Мікалая ІІ у Магілёве, паведамляе «Радыё Рацыя». Мастак Язэп Драздовіч сябраваў з сям’ёй Драздоў, наведваўся да іх у госці, а часам і жыў у гэтым доме. Як кажа Зоя Голікава (Дрозд), Язэп Драздовіч часта заходзіў да бацькоў у госці і вёў размовы на розныя тэмы:– У нас вось там была руская печ, дык ён на печы любіў спаць. Ён быў пісьменны, разумны, але троху дзіўны. У яго ж не было сям’і. Але былі браты, сёстры, пляменнікі. Ён вёў вандроўны лад жыцця. Ён нейкі час працаваў у Глыбокім у гімназіі настаўнікам малявання. І мая стрыечная сястра вучылася ў яго. Дык гаварыла, што трэба было па-польску гаварыць, а ён усё роўна гаварыў па-беларуску. Ён доўга не папрацаваў, можа гады два-тры, не больш. Паводле краязнаўцы Уладзіміра Скрабатуна, з сям’і Драздоў паходзіць даволі шмат вядомых людзей, а таксама і на самой вуліцы Максіма Горкага (былой Сінкевіча) жылі вядомыя людзі.