![]()
Да юбілею з дня нараджэння Янкі Пазьняка. Беларускі грамадска-культурны дзеяч, адзін з заснавальнікаў БХД, выдавец і публіцыст Янка Пазьняк нарадзіўся 19 лютага 1895 года ў мястэчку Суботнікі (цяперашні Івейскі раён), піша harodniaspring. org. Паходзіў з сялянскай сям’і беларусаў-каталікоў: бацькі – Аляксандар і Ганна (з роду Тучкоўскіх) Пазьнякі. Дзед беларускага грамадска-палітычнага дзеяча Зянона Пазьняка. Атрымаў агульную сярэднюю і музычную адукацыю. Рана далучыўся да беларускага руху. Хата Пазьнякоў у Суботніках У 1909-12 гадах браў удзел у працы беларускіх хрысціянска-асветніцкіх гурткоў. У 1913-15 гадах разам з Адамам Бычкоўскім, Баляславам Пачопкам і Антонам Лявіцкім (Ядвігіным Ш) выдаваў віленскую газету “Bielarus”. Служыў арганістам у Лаварышках каля Вільні, пазней у касцёле Святога Яна ў Вільні (1918-20 гады). З 1917 года актыўна ўдзельнічаў у беларускім хрысціянска-дэмакратычным руху. Быў з 1928 года сакратаром Прэзідыуму ЦК Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі, з 1936-га – старшынём Прэзідыуму Беларускага народнага аб’яднання.