![]()
Барысаўчанкі расказалі, чаму размаўляюць толькі па-беларуску. Галіна хвалюецца, што беларуская мова можа знікнуць, Настасся выхоўвае дзіця па-беларуску, а Лідзія ўпэўнена, што ў краіне з назвай Беларусь можа быць толькі беларуская мова. Да Дня роднай мовы ex-press. by запытаў барысаўчанак, чаму яны размаўляюць выключна на беларускай мове. Барысаўчанка Лідзія распавяла сваю гісторыю:— З 2012 года я ўсвядоміла, што калі жывеш на беларускай зямлі, трэба ведаць беларускую гісторыю, якая не пачалася ад партызан; ведаць літаратуру, культуру; і безумоўна карыстацца мовай краіны. А ў краіне з назвай Беларусь, якая можа быць мова, акрамя беларускай?Было жаданне папоўніць слоўнікавы запас, бо гублялася ў словах, іх катэгарычна не хапала. Таму — мастацкая літаратура і побач слоўнік, улюблёны Караткевіч. Знаходзіш незразумелыя словы — і адразу ў слоўнік. Лідзія назвала два шляхі, як пачаць размаўляць на роднай мове:— Першы — прымусам, што пачало някепска рабіцца ў пачатку 90-х. Калі навучальныя ўстановы павінны былі перайсці на родную мову, адміністрацыйныя запісы вяліся на беларускай мове, упакоўка была з беларускай мовай і гэтак далей.