Алег Трусаў: Галоўная мэта – размаўляць удома па-беларуску з дзецьмі і ўнукамі

Старшыня ТБМ пра выклік перад беларускай мовай. Галоўны выклік, які сёння стаіць перад беларускай мовай, – гэта замацавацца ды памножыцца ў вялікіх гарадах. Пра гэта ў каментары «Белсату» з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы заявіў ганаровы старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў. «Мы атрымалі велізарны плюс. Упершыню за 300 гадоў мы маем беларускі горад. Больш за тое, перапіс паказаў, што ўрбанізацыя ў нас самая моцная ў Еўропе. Яшчэ пасля вайны мы былі сялянская нацыя, а зараз займаем першыя месцы пасля Англіі ці Галандыі», – заявіў суразмоўца. Ганаровы старшыня ТБМ нагадаў, што толькі ў Менску пражывае больш за 2 млн чалавек. Паводле яго, дзякуючы законам урбанізацыі, беларуская мова больш не ўспрымаецца як мова калгаснікаў. «І гэта плюс. А мінус у тым, што адукацыя ў нас расейскамоўная. І дзеці ў садках, якія ўжо не маюць беларускамоўных дзядоў і бабуль, зусім не ведаюць беларускай мовы. Таму наша задача не страціць нашых дзяцей і ўнукаў. Яшчэ 20 год, і мы можам загінуць як нацыя.