«Ён піша сэрцам»

Рэпартаж з выставы Алеся Марачкіна. Урачыстае адкрыццё мастацкай выставы Алеся Марачкіна «Зацьменне» прайшло ў Мінску на пляцоўцы «Тэрыторыя правоў» у сераду, 19 лютага, сообщает spring96. org. Імпрэза пачалася з выступу спевака Кастуся Герашчанкі, які выканаў некалькі ўласных песень на словы мастака і паэта Алеся Марачкіна. Але гэта быў не адзіны сюрпрыз, які арганізатары імпрэзы падрыхтавалі для першых наведвальнікаў. Адкрываючы выставу праваабаронца і літаратар Алесь Бяляцкі паведаміў, што неўзабаве мастаку споўніцца 80 год, распавёў прысутным, як узнікла ідэя арганізаваць гэтую выставу. Праваабаронца Алесь Бяляцкі. «Такіх мастакоў мы маем вельмі мала. Тут у адной асобе супадаюць і мастацкі талент, і грамадзянская пазіцыя, і любоў да Радзімы. А яшчэ можна дадаць ягоны дэмакратычны светапогляд і павагу да правоў чалавека», - адзначыў Бяляцкі. Праваабаронца прыгадаў, якое ўражанне некалі зрабіла на яго карціна «Смаленне вепрука», якую малады мастак намаляваў якраз да стагоддзя Леніна, распавёў пра «Маці Божую ахвяр Чарнобыля», з-за якой супрацоўнікі міліцыі ў 1996 годзе, пры разгоне мітынгу моцна збілі мастака, ледзьве не зрабіўшы яго калекай.