У серыяле «Вікінгі» прагучала музыка беларускага гурта «Стары Ольса»

Як адбылося такое нечаканае супрацоўніцтва? Папулярны гістарычны серыял «Вікінгі» стаў крышачку бліжэй да беларускіх гледачоў. У сёмым эпізодзе шостага сезона пад назвай The Ice Maiden у сцэне купання князёўны Кацярыны прагучала кампазіцыя «Куранта» беларускага гурта «Стары Ольса» з альбома «Скарбы літвінаў». Пра гэта карэспандэнту Onliner паведамілі прадстаўнікі гурта, піша onliner. by. Як адбылося такое прыемнае супрацоўніцтва? Калі гурт быў з музычным турам у ЗША ў студзені 2018 года, праз Facebook ім напісала музычны кіраўнік серыяла: «Мы асабліва шукаем запісы з удзелам лютні, шалмеяў і перкусіі. Без дудаў ці гусляў». — Я не магу перадаць, наколькі я была радая, калі знайшла запісы гурта «Стары Ольса». Я вельмі доўга шукала нешта хоць прыкладна, што пасуе па часе дзеяння. А тут настолькі пасуе запіс. Вельмі таленавіты гурт! — дадала яна. У мінулым годзе гурт «Стары Ольса» адзначыў 20-годдзе. За гэты час запісаны 10 студыйных альбомаў, тры канцэртных і адзін аўдыёспектакль.