![]()
Актывістка з Віцебску распавяда пра свой удзел у барацьбе за незалежнасць. Алене Янушкоўскай прысудзілі шосты штраф «за незалежнасць». Усе шэсць – за ўдзел, або за заклікі прыходзіць на акцыі ў падтрымку незалежнасці Беларусі. Акцыі праходзілі ў снежні мінулага году, у тым ліку і ў Віцебску, і пра кожную з іх віцебская блогерка і актывістка размяшчала аб’явы ў сацыяльных сетках, перадае «Радыё Рацыя». Пра тое, што рабіла, Алена Янушкоўская не шкадуе: «Групы ў мяне ў Фэйсбуку, у «Вконтакте», старонка ў «Аднакласніках», і я паўсюль гэта размяшчала. Таксама рабіла рэпосты ва ўсіх групах, дзе я падпісана. Я лічу, што так павінны рабіць усе беларусы. Бо гэта наша Бацькаўшчына, і хто, апрача нас, будзе яе бараніць». Суддзя Міхаіл Зубеня не прыняў да ўвагі, што блогерка толькі выпісалася з лякарні пасля складанай аперацыі, і што яна беспрацоўная, бо не можа нікуды ўладкавацца праз кепскі стан здароўя. Зрэшты, прысуду Алена Янушкоўская чакаць не стала: яна выйшла з залы, бо папярэднія 5 штрафаў пераканалі яе ў судовай несправядлівасці.