Арамаіс Міракян: Хачу пакласці жыццё на тое, каб тут было, як у Польшчы і Літве

Шчыры аповяд чалавека, які стаў знакамітым пасля кубку гарбаты. Папіў гарбаты і стаў знакамітым — так можна сказаць пра мінчука Арамаіса Міракяна, які днямі праславіўся калі не на ўвесь свет, то на бліжэйшае замежжа — дакладна. А ён толькі і зрабіў, што замовіў у Мінску гарбату па-беларуску. Але мы гутарым з Маісам не толькі пра духмяны напой ды беларускую мову, але і пра палітыку, правы чалавека і многае іншае, піша «Новы Час». «Добры дзень! Якая ў вас ёсць гарбата?» — пытаецца Арамаіс Міракян у кавярні на Плошчы Перамогі, дзе мы сустрэліся для інтэрвю. Прадавачка без усялякага здзіўлення на твары пералічвае віды гарбаты. Рэч у тым, што днямі Арамаіс у адной са сталічных фірмовых крам «Камунарка» замовіў гарбату па-беларуску. Касірка яго не зразумела і пагражала выклікаць ахову. Інцыдэнт залагодзіла адміністратарка ўстановы. І ўсё б сціхла, калі б на выпадак не адрэагаваў шэраг расійскіх СМІ і нават член Савету Федэрацыі РФ сенатар Ігар Марозаў. Услед за гэтым на Міракяна пасыпаліся сотні пагрозаў і абразлівых каментароў ад расійскіх інтэрнэт-карыстальнікаў.