«Тут адчуваецца ягоны дух»

Нашчадкі Казімера Малевіча і Эля Лісіцкага наведалі Віцебск. На міжнародную канфэрэнцыю з нагоды стагодзьдзя легендарнага мастацкага авангарднага аб’яднаньня УНОВІС у Віцебск прыехалі нашчадкі сусьветна вядомых мастакоў: праўнучка Эля Лісіцкага і стрыечныя ўнукі Казімера Малевіча. Карэспандэнты «Радыё Свабода» пагаварылі зь імі падчас візыту. Канфэрэнцыя праходзіла ў залях Музэя гісторыі Віцебскай народнай мастацкай вучэльні. Тут у 1920 годзе пасьлядоўнікі ідэяў супрэматызму на чале з Казімерам Малевічам стварылі арт-групоўку УНОВІС (скарочана ад «Утвердители нового искусства»), каб знайсьці адказ на выклікі новага часу, адмовіўшыся ад прыёмаў традыцыйнага жывапісу. «Малевіч — гэта ня толькі „Чорны квадрат“»Стрыечная ўнучка Казімера Малевіча Івона Малевіч, дызайнэрка, жыве ў нямецкім Дзюсэльдорфе. Казімер — родны брат ейнага дзеда Антонія. Пасьля Другой сусьветнай вайны Антоні выехаў у Польшчу, Казімер застаўся ў Савецкім Саюзе. Івона нарадзілася ў Варшаве. Хацела стаць акторкай тэатра і опэрнай сьпявачкай.