![]()
Палітвязень трымаецца мужна. Пасьля чарговага пакараньня штрафным ізалятарам (ШІЗА) палітвязень Міхаіл Жамчужны выйшаў на сувязь з віцебскімі праваабаронцамі. У кароткім лісьце да калегаў ён паведаміў, што праблемы зь ліставаньнем працягваюцца. Пра гэта «Віцебскай Вясьне» расказаў праваабаронца Леанід Сьвецік. З трох лістоў, якія Міхаіл адрасаваў Леаніду Сьвеціку, праваабаронца атрымаў толькі адзін ліст!«Пішу табе ўжо трэці раз запар. Два лісты зьнішчаныя цэнзурай «за шкоду дзяржорганам, грамадзкім абяднаньням і прыватным асобам». Я разумею, што кожнае маё слова, якое прарываецца на волю, вельмі турбуе ўладу. І ёсьць за што турбавацца. За дзесяць дзён адсюль ня выйшла аніводнага ліста», – піша палітвязень Міхаіл Жамчужны. Тое, што Жамчужны ізаляваны ад астатніх зьняволеных, для праваабаронцаў не таямніца. Аднак тое, што ізаляцыя робіцца татальнай, – нечакана. «Я ў поўнай ізаляцыі ад вонкавага сьвету. Са мной нават павітацца ніхто ня можа», – са смуткам заўважае ў сваім лісьце вязень Горацкай папраўчай калёніі №9.