![]()
Як актывістка са Светлагорску стала гераіняй выставы «Партрэты сілы». У 2020 годзе Фонд Дамоў правоў чалавека зладзіў фотаконкурс, прысвечаны жанчынам-праваабаронцам. Аўтарам з Беларусі была Дар’я Сапранецкая, якая зрабіла партрэт Алены Маслюковай, перадае baj. by. Фотавыстава «Партрэты сілы», зладжаная Фондам Дамоў правоў чалавека, ушаноўвае восем жанчынаў-праваабаронцаў з Сеткі Дамоў правоў чалавека. Выстава падкрэслівае жыццёва важную ролю, якую жанчыны адыгрываюць на рэгіянальным, нацыянальным і міжнародным узроўні – ролю ў абароне і прасоўванні правоў чалавека. Фотаздымкі былі зробленыя мясцовымі жанчынамі-фатографамі. Яны паказваюць гісторыі моцных, натхняльных і рашучых праваабаронцаў з Дамоў правоў чалавека па ўсім свеце. Праваабаронцай ад Беларусі, ушанаванай на выставе, стала Алена Маслюкова са Светлагорску, з праваабарончага цэнтру «Вясна». Фатограф Дар’я Сапранецкая, якая зрабіла партрэт праваабаронцы, расказала Беларускаму дому правоў чалавека аб тым, як яна распавядала гісторыю змагання Алены Маслюковай з заводам, які атручвае навакольнае асяроддзе.