«Каханне — гэта выбар, з якім ты будзеш да канца жыцця»

Гiсторыя кахання сямi Севярынцаў. Павел і Вольга Севярынцы — пара, якая для многіх з’яўляецца ўзорам сужэнскага жыцця. Перажыць разам дзясяткі судоў, штрафаў, арыштаў, сутак, асабістую трагедыю і пры гэтым захаваць пяшчотнае каханне і клопат адно пра аднаго — сапраўдны подзвіг. Напярэдадні Дня ўсіх закаханых «Новы Час» вырашыў пакінуць палітыку і пагутарыць з Вольгай Севярынец пра любоў, сям’ю і асабістае шчасце. «Заўсёды ведала, што ён будзе маім мужам»— Воля, распавядзі пра сваё жыццё да знаёмства з Паўлам: пра што ты марыла, якія ў цябе былі мэты?— Насамрэч я — дзяўчынка з вёскі. Для мяне паступіць у сталіцу і застацца там працаваць было вельмі важна. Калі б я не прайшла на бюджэт, бацькі не змаглі б аплачваць вучобу. Але я паступіла на філфак, пачалося студэнцкае жыццё. Мы з сяброўкай пазнаёміліся з Кастусём Шыталем, ён нас паклікаў у БХД. Мы былі шчырыя да беларушчыны, перайшлі на беларускую мову. — А шчырасць да беларушчыны — адкуль узялася?— Відаць, яна недзе проста была.