Маці анархіста Емяльянава: Адказваю гэтак, як Нарбут генэралу Мураўёву — гадую патрыётамі яшчэ трох сыноў

Анастасія Емяльянава назвала прысуд несправядлівым, а свайго сына ахарактарызавала як сапраўднага патрыёта. Анастасія Емяльянава, маці асуджанага на 7 гадоў калёніі актывіста анархісцкага руху Мікіты Емяльянава, у камэнтары «Радыё Свабода» паведаміла, што падчас сьледзтва па справе сына сям’я атрымлівала пагрозы. Прысуд сыну ў 7 гадоў Анастасія Емяльянава назвала несправядлівым, а свайго сына ахарактарызавала як сапраўднага патрыёта Беларусі. «Што сказаць пра прысуд? Ён, безумоўна, надзвычай жорсткі і несправядлівы. Усё ж я такога не чакала, бо атрымалася амаль тое ж, як у Расеі па вядомай справе «Сети», дзе раздалі максымальныя тэрміны маладым анархістам за прыдуманую арганізацыю. Там гучны працэс, і тут грамадзка гучны працэс, і відавочна капіююць прысуды, каб не выглядала мякка. Але ў нас варта было закрыць артыкул аб нанясеньні шкоды будынку з прычыны малазначнасьці шкоды, бо выглядае сьмешна — страта ізалятара на 1 рубель з капейкамі. Але не закрылі, бо справа палітычная, яе завялі супраць людзей, якія пазыцыянуюць сябе як анархісты, як праціўнікі рэжыму», — мяркуе Анастасія Емяльянава.