![]()
Адзінае, што было і застаецца непахісна патрыятычным і непадкупным — гэта родная зямля. Кожны раз, калі правіцель краіны вымаўляе «этот клочок земли», выразна бачу, як па ўсім свеце — у сатлелых дамавінах, у магільным пяску, гліне, падзоле — уздрыгвае, курчыцца прах нацыянальных герояў, якія аддалі жыццё за Беларусь, пiша Сяргей Законнікаў для sn-plus. com. У нас — беларусаў, або, дакладней, ліцвінаў — складаная і, як многім з тутэйшых людзей здаецца, часта несправядлівая гісторыя. Але ў якога народа яна была простай і шчаслівай? Таму нельга глядзець на радзіму як на лапік зямлі, заціснуты паміж больш магутнымі дзяржавамі, або надта кепскі плацдарм для амбітных замашак. Мая краіна — гэта не «клочок земли», якім, як лічыць былы дырэктар саўгаса, ён будзе валодаць да скону, а любімая Айчына, Маці-Беларусь. Яна, дарэчы, і па еўрапейскіх мерках значная тэрытарыяльна, прыроднымі рэсурсамі і людскім патэнцыялам. Як для мяне, дык нават вялікая, бо калі на Палессі зацвітаюць сады, то на Віцебшчыне ў густых лясах, на адхонах дарог ляжыць апошні снег, бо я за некароткае жыццё не пабыў яшчэ ў некалькіх яе раёнах.