Мікалай Салянік: Вось ён, адказ беларускага народа судам, сілавікам і ўсім іншым

Актывіст падзякаваў суайчыннікам. У рэдакцыю «Гарадзенскай вясны» звярнуўся вядомы грамадзка-палітычны актывіст Гарадзеншчыны Мікалай Салянік, каб праз медыйную прастору падзякаваць сваіх суайчыннікаў за тую падтрымку, якую яны аказалі Мікалаю Саляніку і іншым актывістам з выплатай штрафаў, што былі накладзеныя на актывістаў за акцыю «За Незалежнасць», якая прайшла ў Гародні 15-га снежня 2019-га году. – Вось ён, адказ беларускага народа і судам, і сілавікам і ўсім іншым, хто караў нас за змаганне за Незалежнасць, – распавёў Мікалай Салянік. – Мяне пакаралі неверагодна вялікім штрафам у 1147,5 беларускіх рублёў. Маіх сяброў таксама пакаралі вялікімі грашовымі сумамі. Хто зараз мае такія заробкі?! І я без дапамогі сваіх суайчыннікаў, грамадзянаў Беларусі, не змог бы сам справіцца. Але людзі сваім учынкам адказалі ўсім, і судам, і сілавікам, як яны глядзяць на гэтую сітуацыю. Думаю, што многія адарвалі ад сябе апошняе. Але Незалежнасць, і падтрымка тых, хто актыўна змагаецца за Незалежнасць, для нашых людзей аказалася важней.