![]()
Iдэя «Мінсктранса» людзей абурыла надзвычай. У сталіцы нашай радзімы ёсць такое прадпрыемства — «Мінсктранс». Яно вельмі не любіць сваіх кліентаў-пасажыраў, але любіць грошы. Як яно толькі не вычваралася апошнім часам! І кошты на праезд падымала, і надало права кантралёрам спыняць аўтобусы пасярод дарогі для праверкі аплаты праезду, і спрабавала абавязаць тых, у каго няма квіткоў, уваходзіць у транспарт толькі праз пярэднія дзверы… Але гэтага было мала, і нейкія разумнікі вынайшлі новы спосаб параўнальна сумленнага ад’ёму грошай у насельніцтва. Яны высунулі ідэю пра блакаванне валідатараў для аплаты праезду праз 15 секунд пасля адпраўлення транспарту ад прыпынку. Маўляў, хто не паспеў прабіць талончык ці прыкласці праязны — той спазніўся і павінен заплаціць штраф. Зразумела, такая ідэя людзей абурыла надзвычай. Бо той, хто такую прыдумку выказаў, не толькі не клапоціцца пра пенсіянераў і людзей з інваліднасцю, якія не могуць удзельнічаць у «спрынтарскім забегу да валідатара», але, падаецца, папросту не ездзіў у грамадскім транспарце ў «гадзіну пік».