Экс-старшыня Службы зьнешняй выведкі Ўкраіны: Трэба аб’яднаць намаганьні з беларускімі патрыётамі

У Кіеўскай радзе адбылася дыскусія пра гібрыдную вайну Расеі супраць Беларусі. Лідэр усеўкраінскага аб’яднаньня «Свабода» Алег Цягнібок заклікае палітычных і грамадзкіх актывістаў Беларусі і Ўкраіны ініцыяваць пытаньне аб вяртаньні Беларускай праваслаўнай царквы ў Кіеўскую мітраполію, перадае «Радыё Свабода». З такой прапановай Алег Цягнібок выступіў у Кіеве на міжнароднай экспэртнай дыскусіі «Гібрыдная вайна Расейскай Фэдэрацыі супраць Беларусі», арганізаванай украінскім недзяржаўным аналітычным цэнтрам «Украінскія студыі стратэгічных дасьледаваньняў» і Рухам салідарнасьці «Разам». «Расея выкарыстоўвае ўвесь арсэнал сродкаў — ад эканамічнай вайны і гуманітарнага ўплыву, асабліва ў мэдыя-прасторы, да спэцыяльных апэрацый. На прыкладзе Беларусі мы можам яшчэ раз вывучыць альгарытмы расейскай агрэсіі і спыніць Маскву на паўночным флянгу. Мусім дзейнічаць на апярэджваньне. Так, на рэлігійным адрэзку мы павінны ўзьняць пытаньне аб вяртаньні аўтакефаліі Беларускай праваслаўнай царкве, якая гістарычна ўваходзіла ў склад Кіеўскай мітраполіі», — заявіў Алег Цягнібок.