Стыль кіравання Лукашэнкi сябе абсалютна не апраўдаў.

Стыль кіравання Лукашэнка сябе абсалютна не апраўдаў. Грамадзяне, занятыя будзённым выжываннем, не задумваюцца над тым, што чакае краіну, якая існуе ў рэжыме ручнога кіравання. Прапагандысцкая апрацоўка зверху і бясконцыя клопаты ўнізе замінаюць убачыць агульную знішчальную дэградацыю. А яна нарастае пры аўтарытарызме. Галоўная загана нашага жыцця ў тым, што грамадствам не ўсвядомлена і не распрацавана доўгатэрміновая стратэгія развіцця Беларусі. На працягу 25 гадоў, нягледзячы на прынятыя ўладай дакументы планавання, у тым ліку і маштабнага дзяржаўнага ўзроўню, дынамічнага поступу ў лепшую будучыню так і не адбылося. Патрыятычная, велічная і высакародная стратэгія развіцця краіны, роднай для амаль 9,5 мільёна людзей, звялася да вельмі вузкай, меркантыльнай і асуджанай на немінучы крах праграмы захавання абсалютнай улады адным чалавекам. Такая мадэль кіравання трымаецца на тактыцы: на лавіраванні, пазыках, пастаянным латанні «дзірак» у эканоміцы і іншых сферах, на адміністратыўным рэсурсе і сілавым дыктаце супраць іншадумцаў.