![]()
Таямніцы малой радзімы Тадэвуша Касцюшкі. Разам з землякамі з Кобрына і Берасця з ініцыятывы мясцовага грамадскага дзеяча Алеся Меха мы здзейснілі вандроўку па маршруту Малыя Сяхновічы—Крупчыцкае поле—Мерачоўшчына, каб ушанаваць памяць Тадэвуша Касцюшкі, нашага вялікага суайчынніка, што ўвайшоў у гісторыю, як апошні рыцар і першы грамадзянін Еўропы. Экскурсію па малой радзіме Тадэвуша Касцюшкі ў Малых Сяхновічах і па мясцінах Крупчыцкай бітвы 17 верасня 1794 году паміж расійскім корпусам генерал-аншэфа Аляксандра Суворава і паўстанцкай дывізіяй генерал-маёра Караля Серакоўскага (абодва месцы — у Жабінкаўскім раёне Берасцейшчыны) правеў гісторык і журналіст Анатоль Бензярук — вядучы ў Беларусі даследчык касцюшкаўскай спадчыны. Менавіта спадар Анатоль запачаткаваў навуковую дыскусію пра месца і час нараджэння нашага вялікага земляка, грунтоўна даследаваў яго радавод і гісторыю Крупчыцкай бітвы, ініцыяваў ушанаванне памяці яе ахвяраў, стварыў першы ў краіне мемарыяльны пакой героя двух кантынентаў у Сяхновіцкай базавай школе, першым з сучасных беларускіх даследчыкаў распавёў пра нашага слыннага земляка і паўстанне 1794 году на старонках замежнай прэсы.