Пастар з пазыўным «Партызан»

Гісторыя яшчэ аднаго беларуса, які стаў украінскім героем. Ігар Туркоў (7. 02. 1966 – 12. 02. 2015) – пастар рэлігійнай абшчыны хрысціян веры евангельскай „Шлях дадому” і дырэктар дабрачыннага фонду „Уваскрэсенне” – быў патрыётам Украіны, нягледзячы на тое, што нарадзіўся і вырас у Наваполацку, а ў Дняпро пераехаў ужо дарослым і сфармаваным чалавекам, перадае racyja. com. Калі ва Украіну прыйшла вайна, то Ігар і яго жонка Надзея адразу актыўна ўключыліся ў валанцёрства, пачалі збіраць грошы, прадукты, рэчы, медыкаменты і перадаваць усё гэта на фронт. Надзея да апошняга думала, што гэтым удзел яе мужа ў супрацьстаянні агрэсару і абмяжуецца. „Ён намякаў, але я неяк гэта сур’ёзна не ўспрымала. Хоць бачыла, што ён збірае рэчы… Гляджу, штаны купіў вайсковыя. Пазней – ужо і куртачка ў яго з’явілася, і чаравікі… Але як бы выпадкова ўсё. А неяк ён кажа: мне трэба заплечнік ваенны купіць – пойдзем выберэм? Калі я спытала, навошта яму заплечнік, ён аджартаваўся. Мы, маўляў, любім з сям’ёй у паходы хадзіць… Купілі.