Ад пікетаў да галадовак: як былы афганец змагаецца з уладамі

Незвычайная гісторыя з Маладзечна. Жыхар Маладзечна, ветэран вайны ў Афганістане Антон Валуевіч за 13 гадоў выпрабаваў усе спосабы змагання за паляпшэнне жыллёвых умоў: ад зваротаў да пікетаў і галадовак, але ад уладаў увесь час чуў толькі абяцанні, піша журналістка «Новага часу» Дзіяна Серадзюк. Антон Валуевіч распавядае, што трапіў на вайну ў Афганістан 18-цігадовым хлопцам у траўні 1980-га года і прабыў там сем месяцаў. Цяпер, праз столькі гадоў, ён кажа, што не пажадае перажыць гэтага нават самаму лютаму свайму ворагу. — Мы былі проста дзеці. Нам казалі, што мы — міратворцы, будзем ахоўваць межы. Ахова скончылася тым, што я практычна калека. І калі цела зажывае, то з сэрца ўспамінаў не выкінеш. І цяпер, атрымліваецца, што ніхто не вінаваты, а ты рабі, што хочаш, — кажа мужчына. Падчас службы Антон Валуевіч атрымаў цяжкую кантузію. Пасля, у 35 гадоў, яго зваліў інсульт — даводзілася наноў вучыцца хадзіць, размаўляць, думаць. Але мужчына даў сабе слова, што ўстане на ногі — і зрабіў гэта.