Мікалай Казлоў: Уся сістэма, пабудаваная Лукашэнкам, прасякнутая карупцыяй

І структура МУС – не выключэнне. Дыктатар Беларусі Аляксандр Лукашэнка нарэшце выказаўся пра скандал з затрыманнем дырэктараў некалькіх цукровых заводаў у Беларусі. Таксама ён казаў пра датычнасць да гэтай справы і супрацоўнікаў з Міністэрства ўнутраных спраў, паведамляе racyja. com. У СМІ і сацсетках раней з’явілася інфармацыя, што нібыта менавіта па гэтай справе затрыманы былы начальнік упраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасццю і карупцыяй МУС Уладзімір Ціхіня. Сітуацыю каментуе старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі, былы падпалкоўнік міліцыі Мікалай Казлоў:– Уся наша дзяржава, уся гэтая сістэма, пабудаваная Лукашэнкам, яна прасякнутая карупцыяй. І структура МУС – не выключэнне. У любой галіне, вось, напрыклад, медыцына, МУС, да КДБ яшчэ не дацягнуцца, а так у любой галіне ў нас карупцыя. У нас усё пабудавана на карупцыі. Вы паглядзіце, як у нас будуюцца дамы, хто іх будуе, у якіх месцах. Возьмем апошняе, дзе быў Лукашэнка, рэстаран “Лебяжий”. Возьмем пасёлак Дразды.