Сотні людзей прыйшлі на прэзэнтацыю кнігі «Каліноўскі і палітычнае нараджэньне Беларусі»

Чым бы займаўся Кастусь Каліноўскім, калі б трапіў у сучаснасьць? Стаў бы палітыкам, журналістам, абараняў бы беларускую мову — моладзь, якая прыйшла на прэзэнтацыю кнігі Сяргея Абламейкі «Каліноўскі і палітычнае нараджэньне Беларусі», распавядае, якім быў бы сучасны Кастусь Каліноўскі, перадае «Радыё Свабода». На імпрэзу ў ОК-16 сабраліся дзьве сотні чалавек. «Гэта наш першы палітык. Гэта палітычны бацька Беларусі», — патлумачыў аўтар Сяргей Абламейка назву і канцэпцыю сваёй працы. «Быў бы радыкальным палітыкам»А перад пачаткам журналісты спыталі маладых, чым бы займаўся Каліноўскім, калі б трапіў у сучаснасьць. «Заняўся б палітыкай, змагаўся б за незалежнасьць Беларусі», — адказвае блогер Шэры Кот. Насамрэч яго зваць Зьміцер Казлоў, ён з Воршы, мае 120 сутак арышту за акцыі супраць інтэграцыі, а з прэзэнтацыі вядзе трансьляцыю ў свой блог на Ютуб. «Як канкрэтна ён бы гэта рабіў, складана ўявіць, бо часы іншыя, — працягвае блогер. — Але ўлічваючы ягоную пазыцыю, быў бы чымсьці накшталт радыкальнага палітыка, як Статкевіч».