У Магілёве прайшоў крэатон для старшакласнікаў «Першыя ідэі: інклюзія»

1 лютага ў Магілёве у межах сацыяльна-адукацыйнага праекта «Першыя» адбыўся другі рэгіянальны крэатон для старшакласнікаў. 130 вучняў з Магілёва і Магілёўскай вобласці сабраліся ў бізнэс-цэнтры «Атрыум», каб абмеркаваць важныя пытанні ў сферы інклюзіі і прапанаваць свае варыянты іх вырашэння.   Школьнікам дэманстравалі ролікі выступленняў вядомых спікераў, прысвечаныя праблемам людзей з асаблівымі патрэбамі. Пасля гэтага ўдзельнікі падзяліліся на каманды і пад кіраўніцтвам ментараў разважалі пра тое, як можна было б вырашыць падобныя пытанні ў Беларусі, а потым прэзентавалі свае прапановы перад аўдыторыяй. Першае разгледжанае ўдзельнікамі пытанне: як зрабіць так, каб грамадства больш ведала пра інклюзію? Сярод агучаных школьнікамі ідэй для яго вырашэння – абвясціць у Беларусі год інклюзіі, стварыць некалькі мультфільмаў і мастацкіх стужак, дзе галоўныя героі – людзі з абмежаванымі магчымасцямі. Адна з важных думак, якая прагучала на крэатоне, – ужо з дзяцінства размаўляць у сям’і пра тое, як важна ствараць утульнае асяроддзе для ўсіх груп грамадства.