Антон Луцкевіч: Што вядома пра прам’ер-міністра і міністра замежных справаў БНР

Ён адзін з галоўных ідэолягаў беларускага нацыянальнага руху ў 20-ым стагодзьдзі. 29 студзеня 1884 г. у Шаўлях нарадзіўся Антон Луцкевіч, адзін з галоўных ідэолягаў беларускага нацыянальнага руху ў 20. стагодзьдзі, ініцыятар абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі, прам’ер-міністар і міністар замежных справаў БНР, рэпрэсаваны савецкімі акупантамі, піша сайт radabnr. org. Нарадзіўся ў шляхецкай сям’і. У 1902 годзе скончыў Менскую гімназію. Вучыўся на фізыка-матэматычным факультэце Пэтэрбурскага ўнівэрсытэту, юрыдычным факультэце Дэрпцкага ўнівэрсытэту. У 1903 годзе Луцкевіч стаў адным з заснавальнікаў Беларускай рэвалюцыйнай грамады (пазьней — Беларуская сацыялістычная грамада). У 1904 годзе ён арыштаваны ў Менску за распаўсюджваньне партыйнай літаратуры, пасьля арышту выпушчаны з пазбаўленьнем права пакідаць горад. У лютым 1906 году Луцкевіч перайшоў на нелегальнае становішча, пераехаў у Вільню, дзе ўваходзіў у склад рэдакцый газэтаў “Наша доля” й “Наша ніва”. Пачаў выступаць у беларускай прэсе як аўтар.