З роду «Калінова»

Пра сапраўднага героя Беларусі. Гэты чалавек марыў пра незалежную будучыню для народаў былой Рэчы Паспалітай і найперш — для сваіх суайчыннікаў-беларусаў. Кастусь пражыў кароткае, але яскравае гераічнае жыццё, аддадзенае змаганню за свабоду і справядлівасць. З роду «Калінова»Будучы паўстанцкі камандзір нарадзіўся 2 лютага 1838 года ў беларускай вёсцы Мастаўляны на беразе Свіслачы. Вёска спрадвеку была ў Гарадзенскім павеце, але цяпер яна знаходзіцца ў Падляшскім ваяводстве Польшчы. У Мастаўлянах, што зусім побач з мяжой Беларусі, і ў нашы дні гавораць па-беларуску. Беларускі шляхецкі род Каліноўскіх, вядомы ад XVII стагоддзя, карыстаўся гербам «Калінова». Хлопчыка ахрысцілі двойчы, і ён меў два імя, але ў паўсядзённым жыцці яго заўсёды называлі адным — Кастусь. Кастусёў бацька Сымон валодаў ткацкай фабрыкай, а пазней і маёнткам Якушоўка паблізу мястэчка Свіслач. Сымон Каліноўскі быў руплівым і заможным гаспадаром: абрусы, сурвэткі, бялізна з ягонай фабрыкі добра прадаваліся па ўсёй Гарадзеншчыне.