У гэты дзень у 1863 годзе на тэрыторыі Беларусі пачалося паўстаньне Каліноўскага

1 лютага правінцыйны ўрад Літвы і Беларусі на чале з Каліноўскім выдаў свой першы маніфэст. 1 лютага 1863 г. на тэрыторыі Беларусі пачаліся першыя выступы ў рамках буйнага нацыянальна-вызвольнага паўстаньня ў Беларусі, Літве і Польшчы. Кіраўніком паўстаньня на тэрыторыі Беларусі быў Вінцэнт Канстанты (Кастусь) Каліноўскі, нагадвае Рада БНР. У гэты дзень Часовы правінцыйны ўрад Літвы і Беларусі на чале з Каліноўскім выдаў свой першы маніфэст, які заклікаў жыхароў былога Вялікага княства Літоўскага ўзьняцца на барацьбу за аднаўленьне Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. і да збройнага супрацьстаяньня Расейскай Імпэрыі. Раней, 22 студзеня, Маніфэст з аналягічным зьместам выдаў Цэнтральны Народны Камітэт у Варшаве. На працягу некалькіх месяцаў на тэрыторыі Беларусі ішлі зацятыя баі паўстанцаў супраць расейскіх войскаў, распачалася актыўная партызанская вайна. Ваенныя сілы паўстанцаў у “Паўночна-Заходнім краі” царскія ўлады ацэньвалі як 68—77 тыс. чал. Паўстанцкія атрады здолелі правесці на Беларусі і Літве 237 баёў з царскімі карнікамі.