«Калі ўстаеш на шлях супраціву дзяржаўнай машыне, прыходзіцца быць ваяром»

Гісторыя актывісткі Марыны Касінеравай, якая якая свабодна выказвае свае погляды не толькі ў інтэрнэце, але і на вуліцах. Імёны Марыны Касінеравай і яе мужа Вячаслава часцяком узгадваюцца на старонках беларускіх СМІ. Звычайна гэта навіны, звязаныя з затрыманнямі, штрафамі і судамі. Марына — анархістка, якая свабодна выказвае свае погляды не толькі ў інтэрнэце, але і на вуліцах. «Новы час» пагутарыў з ёю. Па адукацыі Марына інжынер-будаўнік, але па прафесіі не працуе, бо праз палітычную актыўнасць сутыкаецца з пастаяннымі праблемамі з працаўладкаваннем. Разам з мужам і таварышамі з анархісцкага руху дзяўчына стварыла кампанію салідарнасці з палітычнымі асуджанымі dissidentby. У межах кампаніі збіраюць грошы на перадачкі палітвязням, на дапамогу адвакатаў, здымаюць фільмы (нядаўна выйшаў фільм пра Святаслава Барановіча), пішуць лісты. — Як даўно ты займаешся палітычнымі вязнямі?— На самай справе, сістэмнай дапамогай я разам з таварышамі пачала займацца ў мінулым годзе. Праз сваю актывісцкую дзейнасць і ўзаемадзеянне з існуючымі праваабарончымі арганізацыямі нам проста прыйшлося ўзяць на сябе дадатковую адказнасць.