Ніна Багінская: Гэтаму рэжыму добраахвотна ні капейкі не даваць

Знакамiтая актывiстка выказала сваю пазiцыю. Вядомая актывістка Ніна Багінская распавяла Радыё Рацыя пра свае стасункі з міліцыяй і пастаянныя штрафы, якія ёй налічваюць. - Я ўжо звыклася са сваім статусам пастаяннага штрафніка. Учора, напрыклад, выклікалі ў ДАІ, бо ім не падабаецца, што ў Курапатах ля рэстарана Поедем, поедим я на дарозе спыняю машыны і запісваю нумары. Але ж я не затрымліваю аўтамабілі, яны затым праязджаюць. А на мяне складаюць пратаколы. Апошнім разам далі без суда 76 рублёў штрафа. Я, праўда, міліцыянерам выказала ўсё, што думаю і пра іх працу, і пра той ганебны рэстаран, і лекцыю пра Курапаты прачытала. Можа быць, хоць нейкая карысць для людзей будзе ад сустрэчы са мной, бо грошай ад мяне не дачакаюцца. Я не збіраюся фінансаваць гэты рэжым, хаця за штрафы з мяне і вылічваюць 50 адсоткаў пенсіі. - Колькі вам у гэтым годзе ўжо налічылі штрафаў?- Не лічыла. Я наагул перастала іх лічыць, калі сума дасягнула 15 тысяч даляраў. Але за снежаньскія акцыі ў падтрымку незалежнасці мне пастаянна давалі штрафы па 50 базавых велічынь – гэта 1350 рублёў (больш за 600 даляраў).