Маці Беларусі — шляхта

Калі б не бальшавіцкі пераварот, Беларусь магла быць зусім іншаю. Цяжка пагадзіцца з тымі гісторыкамі, якія сьцьвярджаюць, што пераважная большасьць шляхты Беларусі ўжо ў XVIII стагодзьдзі цалкам успрыняла літоўскі этнагенэтычны міт пра сваё паходжаньне ад рымлян і цалкам зраклася «рускай» мовы і русінскай сьвядомасьці. У Беларусі і ў XVIII стагодзьдзі, і ў пачатку ХІХ стагодзьдзя заставалася яшчэ праваслаўная шляхта, было нямала ўніяцкай і беднай каталіцкай шляхты. Трапляліся нават зямяне, а на поўначы Віцебшчыны аж да пачатку ХІХ стагодзьдзя захоўваліся памежныя паселішчы панцырных баяраў. Усе яны карысталіся беларускай мовай у побыце і памяталі пра сваё «рускае» паходжаньне, як пра яго яшчэ ў пачатку XVII стагодзьдзя сказаў Мялеці Сматрыцкі:«Ня вера русіна русінам, паляка палякам, літоўца літоўцам робіць, але нараджэньне і кроў руская, польская і літоўская». Ня ўся і буйная шляхта цалкам забылася на сваю «рускасьць». Беларускамоўная паэзія XVIII стагодзьдзя шляхецкага паэта Дамініка Рудніцкага або апошняга канцлера Вялікага Княства Літоўскага Яўхіма Храптовіча гэтаму пацьверджаньне.