![]()
28 студзеня актывіста «Еўрапейскай Беларусі» этапавалі з Віцебска ў Полацк. Учора, 28 студзеня, актывіста «Еўрапейскай Беларусі» этапавалі з Віцебска ў Полацк пад наглядам супрацоўнікаў Полацкага РАУС. Зараз Алесь Круткін знаходзіцца ў Полацкім ізалятары часовага ўтрымання, гэта пацвердзілі мясцоваму актывісту Віктару Стукаву, паведамляе racyja. com. – Учора каля 20. 00 я падышоў да Полацкага РАУС, дзверы былі зачынены. Націснуў на кнопку сувязі, мне адказаў дзяжурны – спытаў, што мне патрэбна. Я патлумачыў, што хачу даведацца, ці тут знаходзіцца Алесь Круткін, мне адказалі, што ён тут, у ІЧУ. Ніякай іншай інфармацыі мне не далі. Віцебскія праваабаронцы высветлілі, што ўвечары 28-га студзеня Алеся Круткіна даставілі ў суд Полацка і Полацкага раёна. За ўдзел у менскай акцыі пратэсту супраць «паглыбленай інтэграцыі» ён быў пакараны арыштам на 15 сутак паводле ч. 3 артыкула 23. 34 КаАП. У той самы дзень яго судзілі ў Віцебску за расклейванне налепак «Калгаснай дыктатуры – баста» на будынку Віцебскай абласной пракуратуры.