Сяргей Законнікаў: У цяжкіх умовах выжывае той, хто ўнутрана свабодны

У аўтарытарнай Беларусі грошы трапілі ў зону гіпертрафіраванай увагі. За грошы можна купіць цэлы востраў, самалёты, верталёты, яхты, дамы, аўтамашыны, шыкоўнае адзенне і абутак, але не душэўны камфорт, не адчуванне бяспекі і лёгкасці існавання ў белым свеце. Часцей на няўтульнасць жыцця скардзяцца людзі, якія маюць прывілеі і вялікае багацце, пiша Сяргей Законнікаў для sn-plus. com. Амерыканскі пісьменнік Г. Мілер у рамане «Тропік Казерога» напісаў: «…Грошы, усюды грошы, а іх усё мала, і зноў: няма — грошай, меней — грошай, болей — грошай, але грошай, вечна грошай, і, ёсць у вас грошы або няма ў вас грошай, у разлік прымаюцца ўсё тыя ж грошы, і грошы робяць грошы, але што прымушае грошы рабіць грошы?» Закручана складана, па-філасофску! Відаць, на пытанне экстравагантнага літаратара ХХ стагоддзя не адкажа ніхто. Не прэтэндуючы на тлумачэнне, што такое грошы і як яны ўплываюць на развіццё чалавецтва, абмяжуюся немудрагелістымі думкамі. Мне даўно ясна, што фінансавы прыбытак чалавека павінен быць такім, каб не прыніжалася яго годнасць, каб хапала на ўсе патрэбы.