Як беларускi школьнік заклікаў сялян да паўстаньня супраць бальшавікоў

Яго дагэтуль памятаюць у роднай вёсцы. У 1937 годзе сяміклясьнік з Крычаўскага раёну Ягор Калбееў даслаў у газэту «Звязда» свой верш «Песьня мужыка», у якім заклікаў сялян «да вызваленьня шляхам барацьбы». Ворагамі народу 18-гадовы юнак назваў бальшавікоў і калгасы, за што і трапіў у ГУЛАГ. Карэспандэнт «Свабоды» пабываў у ягонай вёсцы праз 83 гады і знайшоў людзей, якія ведалі паэта-пачаткоўца. 27 лютага 1937 году школьнік Ягор Калбееў даслаў верш пра «паднявольнае становішча мужыка» ў рэдакцыю рэспубліканскай газэты «Звязда». Аўтар называў сябе сынам мужыка-калгасьніка і «выразіцелем народнай мары». «37-ы год — год сьмерці мужыкоў, у гэтым годзе палова сялян пагіне з голаду. У гэтым вершы „Песьня мужыка“ я хачу паказаць цяжкае, паднявольнае становішча мужыка, ня толькі паказваю ўжаснае становішча, ну і прызываю да вызваленьня шляхам барацьбы», — наіўна пісаў школьнік у лісьце, прыкладзеным да верша. Ягор Калбееў. Фатаздымак зь ягонай справы з архіву КДБ. Упершыню апублікаваны ў 2005 годзе ў газэце «Звязда» Ён тлумачыў, што «мужык ірвецца ў бой, ён гатовы біць врагоў — па ўрагамі разумее мужык бальшавікоў».