![]()
Патрыёты з Віцебскай вобласці распавялі, чаму яны выйшлі на акцыю ў абарону Беларусі. У Полацку і Наваполацку праходзяць суды над удзельнікамі акцыі за незалежнасць Беларусі, перадае «Радыё Рацыя». 4-га студзеня паўтара дзясяткі палачанаў і навапалачанаў сфатаграфаваліся каля Сафійскага сабору, склаўшы з раздрукаваных на паперы літар слова «Незалежнасць». Некалькі чалавек трымалі бел-чырвона-белыя сцягі. Фотаздымкі з’явіліся ў сацыяльных сетках, потым на незалежных сайтах, і 14 студзеня міліцыянты пачалі шукаць удзельнікаў акцыі і складаць на іх пратаколы. Фото: Радыё Рацыя Жыхара Наваполацка Юрыя Касачa выклікалі ў суд. Але ён заявіў, што не шкадуе пра свой учынак: «Я ганаруся, што я так стаяў! І што за гэта могуць пакараць, таксама ведаў. Але не думаў, што цяпер, калі нам цяжка ўсім, калі нам патрэбна яднацца, яны на гэта пойдуць. А яна пайшлі! Але наша справа – гэта незалежнасць Беларусі, і я таксама там быў». Фото: Радыё Рацыя Юрыя Касача, Ігара Валяева і Яўгена Парчынскага суддзя Зінаіда Балаболава пакарала штрафамі памерам 10 базавых велічынь (270 рублёў).