Паплечнікі Каліноўскага: як шляхецкая сям’я стварыла паўстанцкі атрад і разбіла акупантаў

Невядомая гісторыя Станіслава і Кастуся Плютаў. Здаецца, гісторыя паўстання Кастуся Каліноўскага даследавана даволі глыбока і ўсебакова. Аднак людская памяць захоўвае яшчэ шмат цікавых і да сённяшняга дня невядомых гістарычных сюжэтаў. У 157-ю гадавіну пачатка паўстання ўзгадаем адзін з іх. Прадстаўнікі шляхецкага роду Плюта з Гродзенскай губерні былі сапраўднымі патрыётамі. Яны аднымі з першых падтрымалі паўстанне Кастуся Каліноўскага і, стварыўшы атрад, мужна змагаліся супраць царскіх акупантаў. Нагадаю, галоўнай мэтай паўстанцаў было адраджэнне незалежнасці Рэчы Паспалітай у межах 1772 года. У 1862 годзе ў Вільні быў арганізаваны Літоўскі правінцыйны камітэт (ЛПК), які і пачаў рыхтаваць узброенае выступленне. На пачатку лютага 1863 года ЛПК звярнуўся да насельніцтва літоўска-беларускага краю з просьбай падтрымаць паўстанне. Адным з першых гэты народны ўздым падтрымаў багаты шляхціц з Гродзенскай губерні Станіслаў Плюта. У Беластоку ён сфарміраваў атрад са сваіх сялян і мясцовай шляхты і ўдзельнічаў у некалькіх паспяховых аперацыях супраць царскіх войскаў.