Чаму мастаку Цэсьлеру ўзнялі плату за арэнду ў чатыры разы

Як улада вядзе вайну з творчымі людзьмі. Сябрам Беларускага саюзу дызайнэраў і Беларускага саюзу мастакоў жыльлёвыя аб’яднаньні ў Менску пачалі пералічваць арэндную плату за творчыя майстэрні насуперак заключаным дамовам, перадае «Радыё Свабода». Дырэктар УП ЖРЭА Ленінскага раёну Менску Віктар Ільянкоў сказаў карэспандэнту Свабоды, што дызайнэры і мастакі выкарыстоўваюць памяшканьні «не па прызначэньні». «Там павінны працаваць творчыя майстэрні, дызайнэры. А на сёньня там ІП-шнікі выкарыстоўваюць гэтыя памяшканьні для продажу і выпуску нейкай сваёй, брэндавай ці як яе яшчэ можна назваць, прадукцыі. Гэты факт устаноўлены, і ў сувязі з гэтым мы ім даналічваем арэндную плату. Паніжальны каэфіцыент у гэтым выпадку не працуе. Калі вам нешта больш падрабязна паведаміць, то гэта трэба разьбірацца па кожным выпадку паасобку», — сказаў Віктар Ільянкоў. Ён дадаў, што праведзена «пэўная праверка, у тым ліку Камітэтам дзяржкантролю». У Беларускім саюзе мастакоў сказалі, што праверка адносна мэтавага выкарыстаньня дзяржуласнасьці працягваецца.