Народны «прысак» чакае свайго часу

Беларусы трываюць да пары, да часу, каб затым раптам палыхнуць агнём справядлівага гневу. У роднай мове ёсць выдатнае, глыбінна наша слова — прысак. Многія беларусы нават не ведаюць, што яно азначае. А назву маёй кнігі вершаў і паэм «Прысак часу», якая выйшла ў 1986 годзе, выдаўцы пераклалі на рускую мову як «Горячий пепел времени», але гэта далёка ад дакладнасці. Прысак — не толькі попел, а і прыгаслы жар, які пад ім хаваецца, дрэмле. Варта пакласці на кастрышча сухое галлё і затым дзьмухнуць чалавеку або ветру — адразу ўгару ўcкінецца полымя. Аглядаючы айчынную гісторыю, я, калі быў яшчэ студэнтам, узяў жывое, напоўненае нечаканасцю слова за метафару, якая характарызуе беларусаў. Мы — як прысак. Трываем, тлеем да пары, да часу, каб затым раптам палыхнуць агнём справядлівага гневу. Сведчанне гэтага — паўстанне 1863—1864 гг. пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага або Слуцкі збройны чын. Гаворку пра нацыянальныя рысы вяду нездарма. Змушаюць падзеі, якія адбываюцца ў нашым рэгіёне.