«Час сэканд-хэнд» Алексіевіч стане опэрай у Нямеччыне

Oпэра атрымалася паўнавартаснай, працягласьцю ў гадзіну, з васьмю сьпевакамі, хорам і аркестрам. Штутгарцкая опэра 2 лютага ўпершыню пакажа спэктакль «Барыс», у якім аб’яднаюць опэру «Барыс Гадуноў» Мадэста Мусаргскага, напісаную ў 1869 годзе, і новую опэру «Час сэканд-хэнд» нямецкага кампазытара Сяргея Неўскага, паведамляе «Радыё Свабода». У аснову лібрэта «Час сэканд-хэнд» пакладзеная аднайменная кніга беларускай пісьменьніцы Сьвятланы Алексіевіч. Як расказаў кампазытар, опэра атрымалася паўнавартаснай, працягласьцю ў гадзіну, з васьмю сьпевакамі, хорам і аркестрам. Пісьменьніца ўхваліла лібрэта. Наступныя паказы прызначаныя на 16 і 23 лютага, 2 сакавіка, 10 і 13 красавіка. «Агульная канструкцыя спэктакля такая, што дзеяньне „Барыса“ адбываецца ў будучыні, пасьля нейкай катастрофы, а маёй опэры — у сучаснасьці, гэта флэшбэк у альтэрнатыўнай рэальнасьці», — тлумачыць аўтар. Неўскі кажа, што пэрсанажаў «Часу сэканд-хэнд» граюць тыя ж артысты, што і ў частцы з «Барыса Гадунова», і яны «пражываюць альтэрнатыўную біяграфію, якая дадае новыя рысы да іх фігураў у „Гадунове“».