Ваяр з Барані

Нашчадка харобрай вялікалітоўскай шляхты вам не зламаць. З Шэрым Катом (Зьмітром Казловым) мы пазнаёміліся ў Курапатах. Мінулай зімой ён як блогер прыехаў здымаць варту, крыжы - і стаў адным з нас, абаронцаў. Зьміцер - мой зямляк. Ня толькі аршанскі - ён з Барані. А гэта шмат значыць. У Барані, што пад Воршай, мы, Севярынцы, калісьці, у 1980-ых, пражылі некалькі гадоў: тата працаваў рэдактарам завадской шматтыражкі на бараньскім заводзе, матуля - настаўніцай у школе. Што такое Барань? Барань (ад беларускага слова бараніць) на працягу некалькіх стагоддзяў была базай спецназу ВКЛ на кірунку галоўнай пагрозы - маскоўскім. Тут жа побач - Баяры. Тут жа - Хорабрава. Тут стаялі элітныя часткі арміі ВКЛ, а зброю для іх кавалі ды правілі ў Барані (завод, колішні Чырвоны кастрычнік, злучво савецкай абаронкі, а цяперашні Лёс, і пачынаўся як збройня Канстанціна Астрожскага яшчэ ў пачатку 16-ага стагоддзя). Дык вось, Зьміцер бараньскі хлопец. Ягоны выступ на Плошчы Каліноўскага 21 сьнежня сапраўды быў ашаламляльны.