Хадзіў у паліто Машэрава і разам з Гілевічам напісаў «Сказ пра Лысую гару»

10 невядомых фактаў пра паэта Міколу Аўрамчыка. 14 студзеня споўнілася б 100 гадоў з дня нараджэньня Міколы Аўрамчыка (1920–2017). Ён ня зьведаў жахаў сталінскіх лягераў, але правёў амаль тры гады ў нямецкім палоне, дзе адпакутаваў на шахтах Рура. Яшчэ да вайны на яго зьвярнулі ўвагу Якуб Колас і Янка Купала. А пасьля ён ужо сам спрыяў юным творцам Караткевічу, Барадуліну, Наўроцкаму. Яго найлепшыя вершы вызначаюцца ляканізмам і ўнутранай гармоніяй. Многія бязь ценю камплімэнтарнасьці называлі Аўрамчыка адным з самых сумленных, чулых, спагадлівых і добрых беларускіх пісьменьнікаў, перадае «Радыё Свабода». 1. У дзяцінстве ледзь не загінуў, калі ўпаў з млына Мікола Аўрамчык. 1969 г. «. . . з двума сябрамі мы надумалі залезьці ў вятрак, які пуставаў за вёскай. . . Дзьверы былі забітыя. . . Жэрдкай падсадзілі сябра ўгару, той пранік у вятрак і апусьціў крыло. Па адным садзіліся на крыло, а сябра падымаў нас. . . залезьлі ў шапку ветрака. Там, на драўлянай перакладзіне тормаза, замест грузу віселі медныя дэталі ад машын, знаходзіліся алюмініевыя кольцы артылерыйскіх снарадаў.