«Беларусы не зьмірыліся з калгасамі: падпальвалі маёмасьць, забівалі камуністаў»

У Беларусі выдалі дакумэнты пра жыцьцё ў БССР з сакрэтнага ў савецкі час архіву. У савецкі час гэтыя дакумэнты выдаваліся толькі ўпаўнаважаным асобам. За іх страту маглі асудзіць на 10 гадоў турмы. І асуджалі. У некалькіх тысячах сакрэтных спраў устрымлівалася інфармацыя пра рэальную сытуацыю ў савецкай Беларусі, піша Дзьмітры Гурневіч у артыкуле для «Радыё Свабода». Пра існаваньне Сакрэтнага аддзелу / Асобага сэктару ЦК КП(б)Б доўгі час мала хто ведаў. Гісторыкі атрымалі да яго доступ толькі ў 1990-х. Але ажыятажу гэтае адкрыцьцё архіваў ня выклікала. Дагэтуль з сакрэтнага фонду друкаваліся толькі асобныя дакумэнты. Гісторык Ірына Раманава пачала працаваць з гэтымі матэрыяламі 20 гадоў таму. Яна правяла ў архіве сотні гадзін, прачытала дзясяткі тысяч дакумэнтаў. Нядаўна частка зь іх выйшла больш як на 1000 старонках пад адной вокладкай. Зборнік «Улада і грамадзтва. БССР у 1929–1939 гадах» разьмялі з кнігарняў імгненна. Пра працу ў архіве, сабраныя дакумэнты і высновы зь іх Ірына Раманава расказала ў інтэрвію Радыё Свабода.