«Гавел да апошняга прысвячаў час месцам, дзе робіцца несправядлівасць, і ў тым ліку Беларусі»

У Мінску прайшла традыцыйная вечарына памяці Вацлава Гавела. «Вацлаў Гавел да апошняга моманту прысвячаў свой час, свае думкі тым месцам на мапе свету, дзе робіцца несправядлівасць. Адным з такіх месцаў была Беларусь», — адзначыў, адкрываючы вечарыну, старшыня руху «За свабоду» Юрый Губарэвіч. Пра гэта піша «Новы час». Па ягоных словах, дзесяць год таму, у 2010 годзе людзі выйшлі на вуліцы з патрабаваннем пераменаў, каб Беларусь была дэмакратычнай, незалежнай, грамадства вырашала, як далей жыць краіне — але супраць іх былі прымененыя рэпрэсіі. «Сутнасць рэжыму не змяняецца», — упэўнены Губарэвіч. Ён пабачыў паралелі паміж той сітуацыяй, якая была ў Чэхаславакіі часоў Гавела і сённяшняй Беларуссю. «Чым натхняюцца людзі, якія змагаюцца ў такіх умовах?» — спытаў, дадаўшы, што хацелася б перайсці да наступнага кроку, думаць таксама пра іншае: як адбываюцца трансфармацыі, калі зрынаецца рэжым. «Што рабіць з эканомікай? Што рабіць з палітыкай? Гэта ўсё тое, што на ўласным досведзе спазнаў Вацлаў Гавел», — адзначыў палітык.