![]()
Такое немагчыма ўявіць у краіне, якая абапіраецца на падтрымку патрыётаў і аўтарытэт выбітных грамадзянаў. У судах па ўсёй Беларусі праходзяць судовыя працэсы над удзельнікамі і арганізатарамі акцый у падтрымку дзяржаўнай незалежнасці. Дзясяткі грамадзянаў былі пакараныя велізарнымі штрафамі за рэалізацыю канстытуцыйнага права на ўдзел у мірных сходах. Памеры спагнанняў часта перавышаюць сярэднія заробкі па краіне, але суддзі, выносячы такія неадэкватныя прысуды, асабліва не пераймаюцца празмернай жорсткасцю. У дачыненні да арганізатараў акцый прымяняюцца больш сур’ёзныя санкцыі. Так, Павел Севярынец, разам з непад’ёмнымі штрафамі, быў пакараны ў сукупнасці 45 суткамі адміністрацыйнага арышту. Усе калядныя і навагоднія святы правядуць у ізалятарах блогеры Шэры Кот і Сяргей Ціханоўскі. Падчас судоў не абышлося без кур’ёзаў. Журналістку “Новага Часу” Дзіяну Серадзюк судзяць за ўдзел у акцыі, на якой яна не прысутнічала фізічна. У прынцыпе, калі ўважліва аналізаваць месыджы ўлады, то пераслед удзельнікаў антыінтэграцыйных акцый не павінен асабліва здзіўляць.