![]()
Невядомыя эпізоды савецка-польскіх перагавораў 1920-1921 гадоў. На навуковай канферэнцыі ў Варшаўскім універсітэце «Падзеленая / уз’яднаная краіна: Беларусь і Польшча ў верасні 1939 года» гісторык з Гомеля Рыгор Лазько падзяліўся сваім бачаннем месца Польшчы і Беларусі ў Еўропе падчас фарміравання ў 1919-1921 гадах новай палітычнай сітуацыі, якую назвалі “версальскім ладам”. А склалася яна ў выніку падпісання Польшчай Версальскага, а затым і Рыжскага дагавора. Гэта праблематыка, як лічыць даследчык, яшчэ недастаткова вывучана, перадае polskieradio. pl. Напрыклад, цікава, што беларускія палітыкі прымалі ўдзел у польска-савецкіх перагаворах у Рызе ў 1921 годзе — у прыватнасці, кіраўнікі урадаў Беларусі: ад БНР Вацлаў Ластоўскі і ад ССРБ Аляксандр Чарвякоў. Хаця Беларусь афіцыйна не была прадстаўлена на перагаворах, якія тычыліся яе тэрыторыі. Але Ластоўскі і Чарвякоў знаходзіліся ў Рызе. — У кулуарах польска-савецкіх мірных перагавораў у Рызе сустэліся Ластоўскі і Чарвякоў. Чарвякова мусілі запрасіць, праўда, ён, старшыня Ваенна-рэвалюцыйнага камітэта Беларусі, не прымаў удзел у якасці афіцыйнага прадстаўніка ССРБ, а знаходзіўся “пад рукой” у кіраўніка савецкай дэлегацыі Іофэ на той выпадак, калі польскі бок падтрымае праект стварэння несавецкай беларускай буфернай дзяржавы на чале з Ластоўскім.