![]()
У гэты час нашыя землі перажывалі «залаты век» роўнасці веравызнанняў. Вялікалітоўскі палітычны дзеяч Андрэй Волан нарадзіўся ў 1530-ым годзе. У нашай гісторыі ён ведамы як філосаф, ідэолаг рэфарматаў-евангелістаў, літаратар, сакратар Мікалая Радзівіла Рудога, каралёў Жыгімонта Аўгуста, Стэфана Баторыя, Жыгімонта Вазы. Паходзіў ён з шляхецкага роду, сын Яна Волана і Соф’і з Квілецкіх. У 1544-47 гадах вывучаў дыялектыку, рыторыку і эпісталаграфію ва ўніверсітэце Франкфурта-на-Одэры, дзе пазнаёміўся з ідэямі Рэфармацыі. Каля 1550 году Волан стаў сакратаром Мікалая Радзівіла “Рудога”. Дзякуючы падтрымцы Радзівілаў у лістападзе 1550-га пачаў навучанне ў Караляўцы. Найвялікшы ўплыў на Волана ў гэты перыяд меў рэктар Георг Сабінус. Вярнуўся з-за мяжы Волан ужо зацятым кальвіністам. Скончыўшы навучанне, Андрэй Волан пасяліўся ў Літве. Ад Мікалая Радзівіла Рудога атрымаў маёнтак Біюцішкі, а ад Жыгімонта Аўгуста – вёскі Чарэшчанету і Гербенету, таксама да смерці кіраваў староствамі Рудомін і Немеж.