Тры факты пра беларускiя Каляды

Ці ведаеце вы, што Каляды — гэта памінальнае свята, а калядавалі не па ўсёй Беларусі? Каляды — свята памінання продкаўУ традыцыйнай карціне свету беларусаў памерлыя спрыялі дабрабыту жывых. Калядная куцця мела шмат супольнага з застоллямі на Дзяды. «Куццёй» звалі кашу, што была галоўнай каляднай стравай, і абрадавае каляднае застолле. Кашай часта завяршаліся трапезы падчас пахаванняў і Дзядоў. На Каляды куццю елі ці першай, ці апошняй. Колькасць страў на Дзяды была няцотнай. У беларускай традыцыйнай культуры няцотнасць суадносіцца са светам памерлых, а цотнасць — са светам жывых. Старыя запісы з Сенненскага павета і сучасныя з Крупскага і Капыльскага раёнаў сведчаць, што на першую куццю таксама гатавалі няцотную колькасць страў. Праўда, часта сустракаецца і лічба дванаццаць. Але тут няма супярэнасці: у традыцыйнай сімволіцы гэта лік, звязаны з касмаганічнымі з’явамі. Сустракаюцца звесткі, што і на Дзяды гатавалі дванаццаць страў. Шырока вядомае запрашэнне на вячэру: «Мароз-Мароз, хадзі куццю есці!» Сустракаюцца таксама заклікальныя тэксты, звернутыя да птушак, што сімвалізавалі душы продкаў (Уздзенскі раён), ці да саміх продкаў (Лагойскі, Чэрвеньскі, Мастоўскі і Пружанскі раёны).