Іншароднае цела ў калысцы беларускай дзяржаўнасьці

Сафійскі сабор супраць кадэцкай вучэльні. Больш за паўсотні чалавек адгукнуліся на заклік гісторыка, археоляга Сяргея Тарасава сабрацца ля сьценаў Сафійскага сабору на публічную лекцыю «Полацак — пачатак беларускай дзяржаўнасьці», перадае «Радыё Свабода». Праз экскурс у мінулае Полацкага княства, якое з поўным правам можна лічыць адпраўным пунктам доўгага і пакутлівага шляху да незалежнасьці Беларусі, адмысловец акцэнтаваў увагу на спробах «непрыхаванага зьдзеку з нацыянальнай памяці». Фото: «Радыё Свабода» Пэрформанс за незалежнасьць пад СафіяйЛетась на тэрыторыі Верхняга замку пачалася маштабная рэканструкцыя. Згодна з плянамі гарадзкога Ўпраўленьня капітальнага будаўніцтва, да 2021 году ў будынках, якія працяглы час займаў шпітальны гарадок, разьмесьцяць кадэцкую вучэльню. Гэта значыць, побач з саборам зьявіцца рэжымны аб’ект з усімі спадарожнымі выдаткамі ваенізаванай установы, які істотна ўскладніць подступы да Замчышча. Сяргей Тарасаў, як ён сам кажа, з 58 гадоў свайго жыцьця 45 у той або іншай ступені прысьвяціў вывучэньню нетраў Полацку — у сваю першую археалягічную экспэдыцыю пад кіраўніцтвам выбітнага дасьледчыка Георгія Штыхава ён выправіўся ў 1975-м, калі быў яшчэ школьнікам.