Спадар Свабода

Невядомыя факты з жыцьця Ігара Герменчука. «Радыё Свабода» пачынае публікацыю новай кнігі Сяргея Астраўцова «Спадар Свабода. Жыцьцё і сьмерць Ігара Герменчука». «Спадар Свабода» — драматычны аповед пра Ігара Герменчука (1961-2002), журналіста і палітыка, аднаго з бацькоў незалежнасьці Беларусі, рэдактара газэты СВАБОДА. Газэта пісала праўду пра чынавенства, таму выхо¬дзіла пад пастаянным ціскам з боку кіраўніка ўраду Кебіча, а ў часы Лукашэнкі была забароненая. Рэдактара-прафэсіянала звольнілі з пасады «за непрафэсіяналізм», што, магчыма, прычынілася да ягонай раньняй сьмерці. Фото: «Радыё Свабода» За пераездам пачыналася вуліца Шырокая. Зрабіўшы правы паварот, кіроўца паволі перасякаў шэрагі чыгуначных рэек. У сьвятле самотнага ліхтара яны паблісквалі, быццам халодныя лёзы. І само гэтае марознае лютаўскае цемрыва таіла ў сабе трывогу, на якую адгукалася боем сэрца. «Я гатовы», — звыкла сказаў сам сабе ўголас. Няспынная гатовасьць сустрэць небясьпеку твар у твар жыла ў ім, колькі сябе памятаў.