У Менску зьявіцца мэмарыяльная шыльда Васілю Быкаву

Дошка мае зьявіцца ў бліжэйшы час на доме, дзе доўгі час жыў пiсьменьнiк. Мастацкая рада ў пытаньні разьмяшчэньня мэмарыяльнай дошкі пісьменьніку Васілю Быкаву прайшла 4 студзеня. Дошка мае зьявіцца ў бліжэйшы час на доме, дзе доўгі час жыў Быкаў — у Менску, на вуліцы Максіма Танка, 10. Аўтарам дошкі мае стаць Ігар Засімовіч. Ён расказаў «Радыё Свабода», што пакуль дакладнае месца і праект самой дошкі не зацьверджаныя: на радзе вырашылі выбраць для яе новае месца, бо ранейшая прапанова, у двары, чальцам рады не спадабалася. Хоць на доме амаль няма месца праз розныя прыбудовы, іншае месца (не ў двары) ўсё роўна вырашылі шукаць. Паводле Засімовіча, абмеркаваньне дошкі ідзе «ў працоўным парадку». Ён рады самому пачатку працы, бо «чакаў два гады». «Галоўнае, што пытаньне разгледжанае, — кажа Засімовіч. — Пачатак ёсьць, будзе вынік». Наступнае паседжаньне рады можа быць «праз два тыдні, празь месяц», дадае Засімовіч, і на яго трэба будзе прапанаваць новае месца, а магчыма і новы выгляд дошкі.